СЯРЭ́ДЗІННА-АТЛАНТЫ́ЧНЫ ХРЫБЕ́Т,
найбуйнейшая горная сістэма дна Атлантычнага ак., частка сусветнай сістэмы сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Агульная даўж. больш за 18 тыс. км. Асобныя ўчасткі маюць уласныя назвы: хрыбты Кніповіча. Мона; Ісландска-Янмаенскі, Рэйк’янес. Паўн.-Атлантычны, Паўд.-Атлантычны, Афрыканска-Антарктычны. Папярочнымі разломамі разбіты на ссунутыя адносна адзін аднаго сегменты, амплітуда перамяшчэнняў дасягае 300—600 км. У Паўд. паўшар’і С.-А.х. больш маналітны, на яго схілах размешчаны падводныя вулканы, вяршыні некат. з іх утвараюць астравы (напр., Ушэсця, Св. Алены).
т. 15, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)